У 1943 годзе нямецкія ўлады арганізавалі лагер для ваеннапалонных у аўстрыйскім замку Ітэр[3] (збудаванне XIII стагоддзя). Тут утрымліваліся пераважна высокапастаўленыя французскія палоннікі, сярод якіх былі былыя прэм’ер-міністры Поль Рэйно і Эдуар Даладзье, былыя галоўнакамандуючыя генералы Максім Вейган і Марыс Гамелен, а таксама заўважны палітычны дзеяч Франсуа Дэ ля Рок і прафсаюзны лідар Ліён Жуо. У той жа час там знаходзіліся вязні з Усходняй Еўропы[4].
4 мая начальнік аховы замка Себасцьян Вімер і некалькі яго падначаленых беглі, а зняволеныя ўзялі аб’ект пад свой кантроль. Французы паведамілі пра сітуацыю ў размешчанае непадалёк амерыканскае падраздзяленне (23-і танкавы батальён 12-й бранятанкавай дывізіі). Амерыканцы арганізавалі выратавальную аперацыю. Да іх далучыліся дзесяць нямецкіх салдат пад кіраўніцтвам маёраЁзефа Гангля, якія незадоўга да гэтага здаліся ў палон, пакінуўшы замак. Усімі сіламі кіраваў лейтэнант Джон Лі (англ.: John C. Lee). Часці 17-й матарызаванай дывізіі СС «Гец фон Берліхінген» агульнай колькасцю 150—200 чалавек паспрабавалі вярнуць кантроль над замкам. Падчас нападу Гангль, убачыўшы, што Рэйно па неасцярожнасці падстаўляецца пад абстрэл, пабег да яго і імгненна загінуў ад стрэлу снайпера. Аднак у рэшце рэшт атака на замак была адбіта[5], а накіраваны эсэсаўцамі ў Ітэр гаўптштурмфюрар Курт-Зігфрыд Шрадэр далучыўся да абаранялых[6].
Harding, Stephen (2013). The Last Battle: When U.S. and German Soldiers Joined Forces in the Waning Hours of World War II in Europe. Da Capo Press. ISBN 978-0-306-82209-4.